- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дзмітрый Круты ўспомніў, што ў пачатковай школе ўсе прадметы ў яго былі на беларускай мове. Паводле яго слоў, самыя цёплыя ўспаміны звязаны менавіта з тым часам - "калі перапынкаў не чакаў, а слухаў з задавальненнем настаўнікаў", паведамляе СТБ. - Першыя чатыры класы ў мяне ўсе прадметы ў школе былі на беларускай мове. Галоўнае ўражанне - гэта настаўнікі. Усё ж такі савецкія настаўнікі, гэтая савецкая загартоўка, вопыт… Я памятаю, што вельмі хвалююча заўсёды было рыхтавацца да ўрокаў. Выконвалі ўсе заданні. Але калі я пераехаў ужо ў раённую школу, у раённы цэнтр, то дзесьці паўгода мне спатрэбілася на прывыканне да шэрагу прадметаў на рускай мове, - згадаў Круты. Па яго словах, у Беларусі расце папулярнасць навучання на беларускай мове. - Цяпер вялікі запыт на навучанне на беларускай мове. Мы з нашым міністрам адукацыі абмяркоўваем, можа быць, неяк больш ярка паказаць тыя навучальныя ўстановы, якія праводзяць навучанне толькі на беларускай мове, - заявіў Круты. Ён таксама адзначыў, што ёсць варыянт абвясціць 2025-ты Годам беларускай мовы. Прэзідэнт, паводле Крутога, яшчэ думае, але раней ён адзначаў, што ўсе наступныя пяць гадоў будуць Гадамі якасці. Адным з сумных вынікаў апошняга 30-годдзя стала скарачэнне колькасці школьнікаў, якія вучацца на беларускай мове. У верасні 2023 года міністр адукацыі Андрэй Іванец паведамляў, што ў краіне на беларускай вучацца ўсяго 10% школьнікаў. Гэта менш, чым было ў канцы існавання СССР, калі па-беларуску вучыліся 22% дзяцей.