- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Шмат хто з жыхароў Беларусі, чыё маленства прайшло ў 1940 - 1970-х гадах, добра памятае той час, калі амаль кожны з іх збіраў этыкеткі ад запалкавых пачкаў. Асабліва вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Некаторыя захоўвалі цэлыя пачкі з рознымі этыкеткамі, іншыя этыкеткі зрывалі з пачкаў і наклейвалі ў альбомы. Хавалі ўсе свае калекцыі ў розных кардонных упакоўках ці ў шуфлядках сталоў. Часта мяняліся этыкеткамі з сябрамі і зайздросцілі таму, у каго была лепшая калекцыя або рэдкая этыкетка. Нават прыносілі ў школу, дзе рабілі абмен. З узростам гэтая прага гублялася, а калекцыі іх бацькі выкідвалі на сметнік ці палілі ў печках. Праўда, не ўсе спакойна развітваліся са сваімі калекцыямі запалак. Некаторыя людзі ўсё жыццё калекцыянуюць запалкі ці этыкеткі ад запалак і маюць вялікія калекцыі. Тыя, хто займаецца калекцыянаваннем запалкавых этыкетак ці пачкаў ад запалак называюць філуменістамі, а калекцыянаванне этыкетак з пачкаў ад запалак, запалкавых пачкаў, буклетаў (кніжак-запалак) і іншых прадметаў, звязаных з запалкамі, называецца філуменіяй (ад грэцкага "phileo" - люблю і лацінскага "lumen" - агонь ці святло). Сёння філуменія не з'яўляецца распаўсюджаным хобі, як, напрыклад, калекцыянаванне манет, паштовых марак, паштовак, самавараў, прасаў, аўтамабіляў, але аматары гэтай навукі працягваюць развіваць свае калекцыі.