- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
22 лютага адбылася прэзентацыя зборніка матэрыялаў канферэнцыі "Нашы вякі - наша багацце. Лепшыя практыкі менеджменту спадчыны". Мерапрыемства праходзіла ў бібліятэцы НАН Беларусі. Яно было прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які ў акадэмічных установах плаўна трансфармаваўся ў тыдзень роднай мовы, а то і дэкаду. На прэзентацыю прыйшлі аўтары зборніка, а таксама ўсе ахвотныя. Згадкамі пра саму канферэнцыю і важнасць выдання зборніка падзяліліся з прысутнымі Алег Трусаў, Ігар Чарняўскі, Лявон Баршчэўскі. Заканадаўчыя аспекты за-хавання спадчыны, у прыватнасці нашых нацыянальных сімвалаў, асвятліў у сваім выступе Міхаіл Пастухоў. Як заўсёды, цікавым быў выступ Ігара Мельнікава, які распавёў пра сваё бачанне ўзнятай праблемы, а таксама пра ўжо зробленае і пра новыя ідэі, датычныя існавання мяжы паміж заходняй і ўсходняй часткамі Беларусі. Эмацыйна выступіла Наталля Агарэлышава з Гомеля, якая закранула праблему ўпарадкавання і захаванасці яўрэйскіх могілкаў. Вельмі добра ўпісаўся ў тэму захавання спадчыны выступ Алеся Чумакова, музыкі, які віртуозна грае на cтаражытным адноўленым інструменце - гуслях. Песню на словы Сокалава-Воюша "Аксамітны летні вечар", зайграную па прапанове залы, з задавальненнем спявалі ўсе прысутныя. Варта адзначыць, што не толькі аўтары, але і госці маглі атрымаць асобнік зборніка матэрыялаў.