- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У год свайго першага юбілею - 10-годдзя - літаратурны аддзел Лідскага гістарычна-мастацкага музея (дом паэта Валянціна Таўлая) запланаваў шэраг цікавых сустрэч у сваіх сценах. Днямі адбылася першая такая сустрэча - з госцем з Менска, калекцыянерам кніг, кампазітарам-песеннікам, куратарам музычных і мастацкіх праектаў Яўгенам Ксяневічам. У рамках сустрэчы ў доме Таўлая адбыліся адкрыццё выстаўкі мініяцюрных (кішэнных) кніг з пры-ватнай калекцыі Яўгена Антонавіча "Кніга на далоні" і прэзентацыя яго зборніка песень на словы вядомых беларускіх паэтаў "Краіна мая, песня мая…". На мерапрыемства былі запрошаны навучэнцы Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Сімвалічна, што адкрыццё выстаўкі мініяцюрных кніг у Лідзе праходзіла на другі дзень пасля адкрыцця XXVII міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў Менску, ва ўнісон гэтай падзеі. Спачатку куратар выстаўкі, навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун правёў для моладзевай аўдыторыі кароткі экскурс у гісторыю кніжак-малютак. Цікава было даведацца, напрыклад, аб тым, што прыхільнікам такіх кніг быў і Напалеон Банапарт, які, будучы ў ваенных паходах, насіў з сабой так званую партатыўную бібліятэку - каля паўсотні мініяцюрных кніг у скураным футляры. Застаюцца запатрабаванымі кнігі кішэннага фармату і ў наш час - дзякуючы перш за ўсё таму, што іх зручна насіць з сабой, яны не займаюць шмат месца. Выдаюцца падобныя кнігі і ў Лідзе.