- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
З 5 па 9 лютага 2020 года ў Менску прайшла XXVII Міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая традыцыйна адкрывае міжнародны каляндар кніжных выстаў і з'яўляецца своеасаблівай справаздачай працы кнігавыдаўцоў Беларусі за мінулы год. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 386 экспанентаў з 30 краін, цэнтральным экспанентам сталі Злучаныя Штаты Амерыкі. На пляцоўцы ЗША адбылася сустрэча з амерыканскім пісьменнікам Дугласам Макам, які піша пра падарожжы, культуру і гісторыю. Яго апавяданні друкаваліся на страронках New York Times, National Geographic Traveler і іншых выданняў. Мерапрыемствы прайшлі на пляцоўках Нацыянальнага выставачнага комплексу "БелЭкспа", а таксама - у кнігарнях, бібліятэках, музеях: былі арганізаваны прэзентацыі, аўтограф-сесіі, сустрэчы з аўтарамі, майстар-класы і іншыя падзеі. У першы дзень працы былі прадстаўлены паспяховыя выдавецкія праекты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у тым ліку факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі і навуковая манаграфія Алеся Сушы "Асэнсаванне шэдэўра". - У апошнія 10 гадоў Нацыянальная бібліятэка стала буйнейшым культурным і адукацыйным цэнтрам Беларусі, - адзначыў рэктар Дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. - У бібліятэцы захоўваюцца ўзоры высокага мастацтва і мастацтва кнігі. Для сучаснага дызайнера, мастака, гісторыка, крытыка ў бібліятэцы знаходзіцца безліч цікавых артэфактаў. Вельмі паспяховым было ўзнаўленне гравюр Францішка Скарыны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.