- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
11 снежня ў сталіцы Славакіі Браціславе адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Янкі Купалы. Памятны знак размешчаны ў будынку гатэля "Карлтан", у якім паэт спыняўся падчас візіту ў Чэхаславакію ў складзе дэлегацыі савецкіх журналістаў і пісьменнікаў у кастрычніку 1935 года. Гэта быў першы прамы і непасрэдны беларуска-славацкі культурны кантакт у навейшай гісторыі. Праз 80 гадоў новае пакаленне дыпламатаў ад беларускай культуры і навукі выправілася ў падарожжа Купалавым маршрутам па славацкай зямлі, каб прадставіць Беларусь, а таксама даведацца, чым жыве сёння Славакія, адкрыць яе для сваіх суайчыннікаў. Менавіта падчас вандроўкі 2015 года нарадзілася ідэя ўшанаваць памяць беларускага Песняра на славацкай зямлі, якую падтрымалі ў абедзвюх краінах. Праект, ініцыятарам якога быў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, рэалізаваны ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства на спонсарскія сродкі. Цырымонія адкрыцця прайшла пры ўдзеле Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Славакіі Ігара Ляшчэні, дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алены Ляшковіч, а таксама стваральніка мемарыяльнай дошкі скульптара Паўла Вайніцкага, дзякуючы таленту якога класік беларускай літаратуры ўшанаваны ў Латвіі і Фінляндыі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел прадстаўнікі Саюза славацкіх пісьменнікаў, у тым ліку паэты-перакладчыкі Яраслаў Рэзнік і Марыян Серватка, які ў 2008-2013 быў Паслом Славакіі ў Беларусі.