- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
9 снежня споўнілася 60 гадоў з дня нараджэнння беларускага краязнаўца, пісьменніка і педагога Ігара Пракаповіча з Паставаў. Зацікаўленне родным краем пачалося ў Ігара Пракаповіча ў далёкім 1985 годзе, калі ён, выпускнік геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, вярнуўся са сталіцы на радзіму і быў накіраваны на працу ў невялікую васьмігодку ў вёску Апідамы, што на мяжы з Літвой. Там паспрабаваў ладзіць першыя вандроўкі з вучнямі і быў уражаны, што амаль у кожным вакольным паселішчы былі нейкія цікавосткі: стараверскія храмы, каплічкі, помнікі, легенды, паданні, гісторыі, пра якія нідзе ніякай інфармацыі знайсці не ўдавалася. Таму і пачаў занатоўваць, фатаграфаваць, запісваць на магнітафонную стужку. Спачатку гэта ўсё збіралася хаатычна, ад вандроўкі да вандроўкі. Пазней работа набыла больш сістэмны характар. На гэта паўплываў і ўдзел у 1990-я гады ў Віцебскіх абласных краязнаўчых спаборніцтвах "Мой родны кут", якія арганізаваў метадыст аддзела краязнаўства цэнтра пазашкольнай работы Віцебскага упраўлення адукацыі Алег Куржалаў. Ён зрабіў вялікі ўплыў і на Ігара, і на многіх краязнаўцаў Віцебшчыны, быў іх "хрышчоным бацькам" у гэтым напрамку дзейнасці. Менавіта дзякуючы яму, Ігару ўдалося наведаць архівы і музеі Віцебска, Менска, Вільні, Пецярбурга, здзейсніць цікавую паездку ў Польшчу (Беласток, Варшава, Кракаў).