- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Фестываль-конкурс хрысціянскай творчасці "Каласы пад сярпом тваім", прысвечаны У. Караткевічу прайшоў 29 лістапада ў менскай евангельскай царкве "Святло Ісціны". У праграме былі літаратурныя чытанні, спевы, гучалі вершы і ўрыўкі з паэмаў і раманаў пісьменніка, дэманстраваліся творы мастацтва, фатаграфіі. На вечарыне выступілі выкладчык вакалу, арганізатар многіх фестываляў Аляксандр Віслаўскі, оперны спявак і служка евангельскай царквы Ілля Сільчукоў, Ала Скарабагатая, Сергій Мельянец, Святлана Тоўсцік, Павел і Алена Гормаш, Эла Дзвінская і іншыя. Адзін з арганізатараў фестывалю Леанід Скарабагаты патлумачыў евангельскі сэнс назвы рамана пісьменніка "Каласы пад сярпом тваім" і распавёў пра тое, як цэнзары спрабавалі выкрасліць біблейскія цытаты з рамана, прымушалі перарабляць адзін з лепшых гістарычных твораў У. Караткевіча. Вечарына была арганізавана беларускамоўнай царквой "Узнясенне" і супольнасцю шматдзетных бацькоў. На ёй прысутнічала шмат сем'яў з дзецьмі. Мэтай фестывалю-конкурсу, які праводзіцца штогод у трох намінацыях (музыка, выяўленчае мастацтва, мультымедыйныя прэзентацыі) і ў сямі ўзроставых катэгорыях, пачынаючы з 2010 года, з'яўляецца падтрымка талентавітай моладзі з шматдзетных сямей. У лепшыя часы фестываль праводзіўся ў памяшканні Белдзярфілармоніі і меў вялікі фармат.