- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Развітанне з Кастусём Каліноўскім і яшчэ 19 паўстанцамі, арганізаванае ўладамі Літвы, атрымала найвышэйшыя адзнакі тысяч прысутных на ўрачыстасці. У 8.30 салдаты ротаў ганаровай варты Арміі Літвы і Войска Польскага вынеслі два дзясяткі невялікіх драўляных трунаў з унутранага двара Палаца валадароў Вялікага Княства Літоўскага. Дзве першыя труны накрытыя чырвоным штандарам з паўстанцкім гербам - літоўскай "Пагоняй", польскім арлом і нябесным заступнікам арханёлам Міхаілам. У іх тое, што засталося ад камандзіраў - Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага. Парэшткі ўсіх удзельнікаў народнага паўстання супраць расейскага царызму даставілі ў Кафедральны сабор-базіліку Святых Станіслава і Уладзіслава. На плошчы тым часам сабраліся сотні ахвотных стаць сведкамі гістарычнай падзеі. Найбольш, як выглядала, было беларусаў, якіх лёгка было пазнаць па бел-чырвона-белых сцягах, партрэтах Каліноўскага і самаробных плакатах з ягонымі цытатамі. З прыбыццём на вакзал кожнага новага цягніка ці аўтобуса людзей прыбывала, і ўрэшце беларусы, на вока, склалі 2/3 ад усіх прысутных. Некаторыя прызнаваліся, што ніводнага разу не былі ў Менску, але не маглі прапусьціць такую падзею ў гістарычнай сталіцы. Арганізавана дабраліся выкладчыкі і навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэя - адразу паўсотні чалавек.