- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
3 лістапада ў Менску ад метро "Парк Чалюскінцаў" да Курапатаў прайшло традыцыйнае шэсце на Дзяды - дзень памяці продкаў. У Курапатах - месцы масавых расстрэлаў сталінскіх часоў - адбыўся мітынг, арганізаваны Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ. Свабода вяла жывую відэатрансляцыю. На шэсце сабралася больш за дзве сотні ўдзельнікаў з бел-чырвона-белымі сцягамі, крыжамі і транспарантамі. У час шэсця тры чальцы "Еўрапейскай Беларусі" запалілі фаеры - іншыя ўдзельнікі акцыі папрасілі іх згасіць піратэхніку і больш так не рабіць. Сярод іншых у шэсці ўдзельнічалі нядаўна вызвалены анархіст Зміцер Паліенка - ён і ягоная нявеста Наста Гусева збіралі грошы для іншых, каго лічаць палітычнымі зняволенымі. Грошы, кажуць яны, пойдуць на перадачы і аплату адвакатаў. Акрамя звычайных для Дзядоў лозунгаў гучалі і вок-лічы супраць "паглыблення інтэграцыі" з Расеяй. Паводле відавочцаў, праваахоўнікі фіксавалі нумары машынаў, якія сігналілі ў падтрымку акцыі, пасля спынялі машыны і за нешта штрафавалі. Адказны сакратар КХП-БНФ і кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу Курапаты Алесь Чахольскі прапанаваў прадстаўнікам рэгіянальных ініцыятываў сабраць сваіх актывістаў і далучыцца да менскай акцыі на "Дзяды" з расцяжкамі, на якіх былі б назвы месцаў масавых расстрэлаў, мемарыялізацыяй якіх яны займаюцца. Такім чынам, на яго думку, будзе паказана, "што прыязджаюць людзі з усёй Беларусі і колькі такіх месцаў у краіне".