- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Урачыстасць Усіх Святых адзначылі 1 лістапада каталіцкія вернікі Глыбокага. У гэты дзень яны прыйшлі на службу ў касцёл Святой Тройцы, падзякавалі Богу за дар святасці і ў аддалі пашану ўсім святым, якія дасягнулі вечнай хвалы і знаходзяцца з Богам у небе. Як кажа ксёндз-пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім Мікалай Ціхановіч, 1 лістапада Касцёл нагадвае, што наша Айчына ў небе, а не на зямлі, і мы ўсе рыхтуемся да вечнасці: - Гэта пераход з зямнога жыцця ў вечнае, таму мы ўзіраемся ў прыклад святых, якія годна прайшлі гэты шлях. Прайшлі яго цалкам даверыўшы Богу сваё жыццё і кіраваліся абсалютна хрысціянскімі, духоўнымі каштоўнасцямі, яны давалі прыярытэт душы. Яны верылі ў жыццё вечнае і таму жылі так, праведна. І мы ўглядаемся ў іх прыклад і молімся іх заступніцтва. Паводле Мікалая Ціхановіча, 2 лістапада каталіцкія вернікі моляцца за церпячы касцёл і душы людзей, якія адышлі. У гэты дзень людзі працэсіяй і паасобку наведваюць могілкі сваіх родных і блізкіх. Глыбачане пачынаюць гэта рабіць 1 лістапада, молячыся за родных на могілках "Копцеўка": - Гэта традыцыя сямейная. У нас тут пахаваны дзядуля з бабуляй, цёці, дзядзі, шэсць магілак у нас тут. Штогод мы тут бываем з сяcтрой, з братам і бацькамі. Мы прыносім кветкі, свечкі і сваю малітву. - Маці тут пахаваная, бабуля. Я хачу кожны дзень у гэтым тыдні хадзіць і маліцца за іх.