- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пасля абрання мяне намеснікам старшыні ні на першым паседжанні Рады, ні на другім ніякіх асаблівых даручэнняў я не атрымаў ні ад старшыні, ні ад Рады. З’езд даручыў мне выдаць “Летапіс ТБМ” за апошнія 5 гадоў, што паспяхова было зроблена, і “Летапіс...” выдадзены. Да слова, толькі некалькі арганізацый прыслалі матэрыялы ў “Летапіс...”, таму ён складаўся на аснове публікацый у “Нашым слове”, а паколькі многія арганізацыі “Наша слова” ігнаруюць і пра свае мерапрыемствы пішуць хто ў “Новы час”, хто ў “Радыё Рацыю”, то ў “Летапісе...” яны прадстаўлены слабей, а тыя, што не пішуць нікуды, не прадстаўлены ніяк. На працягу гэтых трох гадоў я атрымліваў ад старшыні шэраг персанальных даручэнняў, з якімі, як мне падаецца, справіўся паспяхова. Але ад пачатку такіх даручэнняў не было, і я сам усклаў на сябе абавязкі “палявога камандзіра” па Заходняй Беларусі і трохі па Цэнтральнай. Пажаданне некаторых сяброў, каб Суднік персанальна ездзіў па Гомельскай і Магілёўскай абласцях ды агітаваў за падпіску на “Наша слова”, я вырашыў не выконваць. Што тычыцца Заходняй Беларусі, то і тут з усімі задачамі, якія я для сябе намеціў, на жаль, справіцца не змог. Асноўная задача, якая ставілася: актывізацыя існых структур ТБМ і адраджэнне былых, але заснуўшых.