- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Радуемся! Шчыра радуемся і ганарымся, што менавіта ў нас, на Нясвіжчыне, першай у краіне (так і трэба!) з'явілася вуліца імя паэта Уладзіміра Жылкі. Да гэтай пары (хоць памёр наш вялікі зямляк у 1933 годзе, рэабілітаваны ў 1960) не было ніводнай вуліцы, ніводнай установы культуры ці адукацыі ва ўшанаванне яго імя. А велічыня таленту, вышыня паэзіі, грамадзянская рупнасць паэта дзеля Радзімы несумненна заслугоўвалі таго. Вось пра гэта і пісалася ад імя сяброў ТБМ у лісце да дэпутатаў Нясвіжскага райсавета. Амаль не было сумнення, што прапанова назваць адну з вуліц імем паэта будзе падтрымана. Рашэннем чарговай сесіі ад 18 верасня так і атрымалася. Нарэшце ў год 120-гадовага юбілею песняра "змагання і красы" ў Нясвіжы, у яго паўночна-заходняй частцы, запачаткавана вуліца Уладзіміра Жылкі: ужо падведзена электрычнасць, пракладваюцца камунікацыі. А неўзабаве возьмуцца за працу будучыя навасёлы. Кароткі лёс выдаўся паэту, няпоўныя 33 гады, хоць меў ён такое "жывучае" прозвішча, аднакаранёва-сугучнае моцным беларускім словам жыццё, жыхар, жыла, жылісты. Хай жа цяпер ён прадоўжыцца ў шчаслівых лёсах жыхароў новай нясвіжскай вуліцы. Да іх і звяртаюся: Шаноўныя! Вам пашчасціла жыць на вуліцы вялікага патрыёта Бацькаўшчыны.