- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
12 студзеня магілёўскія гарадская і абласная арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны ўрачыста адзначалі 30-годдзе. Юбілейная вечарына супала з святкаваннем Новага года, якое шмат год ладзіць наша суполка. Каля сотні прыхільнікаў беларушчыны прыйшлі ў тайм-кафэ "Неба", каб адзначыць 30-ю гадавіну дзейнасці Магілёўскіх абласной і гарадской арганізацый Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. На імпрэзу прыехалі старшыня ТБМ Алена Анісім і ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў. Таксама былі запрошаны вядомыя і паважаныя асобы, якія стаялі ля вытокаў стварэння Таварыства беларускай мовы, кіравалі абласнымі і гарадскімі арганізацыямі ТБМ. Як адзначыў кіраўнік гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў, які быў вядоўцам на святкаванні, 30 гадоў магілёўскай суполцы споўнілася ў снежні 2019 года. Паводле філолага, былога старшыні абласной арганізацыі Яраслава Клімуця (жывая легенда філфака Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, літаратуразнаўца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў), 19 снежня 1989 года адбылася ўстноўчая канферэнцыя рэгіянальнай арганізацыі, якую ён разам з іншымі рупліўцамі беларушчыны ладзіў ужо як сябра аргкамітэта па стварэнні ТБМ. - Тады прыходзілася пераадольваць многа перашкод. Асноўнае - што нельга было дамовіцца з месцам правядзення сходу. Пакуль не прыйшоў ліст з ЦК кампартыі, што трэба не стрымліваць, а садзейнічаць. Пра гэта нашым камуністам напомнілі маскоўскія камуністы. Тады мы ўжо здолелі і правесці канферэнцыю, - успомніў былы старшыня.