- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сёлета Нацыянальная літаратурная прэмія ў намінацыі "Літаратурная крытыка і літаратуразнаўства" была прысуджана Івану Савечанку за кнігу "Магія слова" ( Беларускія пісьменнікі ХІІ-ХVII стагоддзяў). Доктар філалагічных навук, прафесар Іван Васільевіч Саверчанка - аўтар фундаментальных даследаванняў па філалогіі, гісторыі і філасофіі. Ён апублікаваў звыш 300 навуковых прац, з іх - 12 кніжных выданняў, стварыў цыкл гістарычных аповесцей, хронік, эсэ і нарысаў. Шэраг кніг Іван Саверчанка прысвяціў палітычным і культурным дзеячам ВКЛ XVI-XVII стагоддзяў: Астафею Валовічу, Льву Сапегу, Сымону Буднаму, Язэпу Руцкаму, Філону Кміту-Чарнобыльскаму. Літаратурна-мастацкія і гісторыка-дакументальныя творы вучонага-філолага і пісьменніка былі выдадзены асобнай кнігай "Улада пячаткі" (2016), а таксама ў перакладах на рускую мову - " Блеск кароны" (2015) і "Трон" (2019). У новай кнізе "Магія слова", якая пабачыла свет ў канцы 2019 года ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" прадстаўлены творчыя партрэты найбольш яркіх майстроў слова Беларусі ХІІ-ХVІІ стагоддзяў, асветлены ўклад старажытных аўтараў у развіццё беларускай літаратуры, пашырэнне тэматычных і жанравых гарызонтаў нацыянальнага прыгожага пісьменства. У кнізе раскрываюцца мастацкія стратэгіі, творчы метад і ідэйныя пошукі пісьменнікаў-інтэлектуалаў часоў Готыкі, Рэнесансу і Барока.