- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Слова пра сябра. 20 жніўня гэтага года, напярэдадні святкавання 20-х угодкаў абвяшчэння беларускай незалежнасці, адышоў у лепшы свет знакаміты беларускі гісторык, архівіст, публіцыст, краязнавец і грамадскі дзеяч Віталь Скалабан. Лёс звёў мяне з гэтым унікальным чалавекам у 80-я гады мінулага стагоддзя, калі ён працаваў у рэдакцыі Беларускай Энцыклапедыі. Дзякуючы яму і нашаму старэйшаму сябру Міхасю Ткачову выйшлі ў свет шматтомная гістарычная энцыклапедыя Беларусі, Энцыклапедыя археалогіі і нумізматыкі Беларусі і іншыя энцыклапедычныя выданні. Віталь Скалабан быў адным з самых дасведчаных і прафесійных краязнаўцаў Менавіта ён падрыхтаваў і выдаў унікальны том кнігі "Памяць", прысвечаны яго роднаму Ляхавіцкаму раёну, распрацаваў тэму радзімазнаўства, гісторыі беларускіх гарадоў і мястэчак, выкладаў курс гістарычнага краязнаўства ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.