- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Яшчэ, калі ў 70-х гадах пачала працаваць ва Ушацкай раённай газеце, узяла сабе за правіла кожны матэрыял пісаць толькі па-беларуску, хаця на старонках нашага "Патрыёта" ў той час вольна гулялі рускамоўныя лозунгавыя артыкулы і пастановы, а напалову і карэспандэнцыі. Мае калегі Пётр Пратасевіч і Мікалай Лісічонак, якія прыстойна пісалі па-беларуску, у хуткім часе памянялі месца жыхарства. Прыходзілі новыя супрацоўнікі, якія таксама паступова пераходзілі на родную мову. А з-за таго, што ў нас у далейшым, як нідзе, рэдактары мяняліся кожныя пяць гадоў, то ім не выпадала ўводзіць свае парадкі, перацягваць крэн у бок рускай мовы. Так і атрымлівалася развіццё роднага слова: пакрокава, паслоўна. З утварэннем нашай Ушацкай раённай арганізацыі ГА "ТБМ" на самым пачатку дзейнасці мне прыйшлося ўзначаліць яе. У склад таго спісу ўдзельнікаў увайшлі, канешне, перш за ўсё настаўнікі роднай мовы, а таксама культработнікі, з якімі ў мяне былі ўжо знаёмствы. Як і ўсюды, у той час, адчувалася дапамога работнікаў райвыканкама. Асабліва з боку кіраўніка справамі выканаўчага камітэта з дыпломам настаўніка нямецкай мовы Яўгена Гарановіча ды інспектара РАНА, па адукацыі - настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, Галіны Басак… Я вяла тады ў рэдакцыі аддзел пісьмаў і работы з аўтарскім актывам. Калі наладжвала пасяджэнні грамадскіх карэспандэнтаў, то прыцягвала і актыўных аматараў роднай мовы. Таму такія нашы сустрэчы ператвараліся ў размову як пра селькораўскі рух, так і пра развіццё роднага слова ў друку…