- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Землі, па якіх цячэ рэчка Лебяда, як і ўся Лідчына, знаходзяцца на тэрыторыі колішняга яцвяжскага племені дайнава. Дайна паяцвяжску - песня. Таму дайнаўцаў можна назваць песенным народам. Дык і не дзіва, што на Лідчыне спяваюць: усюды, многа і прыгожа. Па законе прыроды адходзяць пакаленні, узрастаюць новыя, адходзяць і песні. Клопат захаваць, запісаць гэтыя песні з’явіся яшчэ ў пачатку 19-га стагоддзя. Не будзем тут, аднак, імкнуцца пераказаць гісторыю беларускага фальклоразнаўства. Засяродзімся на Лідчыне. У 1992 годзе ў Польшчы выйшла кніга Земавіта Фядэцкага з маёнтка Лебяда Лідскага павета “Цёплыя вечары ….. ды халодныя ранкі, czyli co spiewano w Fieliksowie”, у якую ўвайшлі беларускія народныя песні, запісаныя пераважна ў вёсцы Феліксава Лідскага раёна ў 1942-43 гадах. Земавіт Фядэцкі хаваў рукапіс гэтых песень амаль 50 гадоў, як быццам не было нічога больш каштоўнага, што варта было б схаваць ці вазіць з сабой: і праз вайну, і праз пасляваенную разруху, і праз варшаўскі побыт, такі далёкі ад страчанай, як падавалася, навек Беларусі. За ўсім гэтым бачна вялікая любоў Земавіта Фядэцкага да малой радзімы.