- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
31 ліпеня вернікі разам з біскупам Юзафам Станеўскім маліліся ў Батароўскім лесе каля Наваградка, дзе 78 гадоў таму падчас Другой сусветнай вайны былі расстраляны адзінаццаць законніц з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта. Як паведамляе Grodnensis.by, ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія прынеслі сябе ў ахвяру, сабралася шмат людзей. Прысутныя дзякавалі за дар дабраслаўлёных пакутніц для Касцёла ў Беларусі, праз іх заступніцтва прасілі Бога аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх для сябе, сваіх сем'яў і супольнасцяў. Акрамя таго, маліліся за нашу краіну, каб у ёй панавалі мір і згода, узаемная павага і разуменне, шанаванне супольнага дабра і клопат пра будучыя пакаленні. Вернікі маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась - дванаццатай назарэтанкі з Наваградка, якая пазбегла пакутніцкай смерці. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх адзначыў, што Батароўскі лес 78 гадоў таму стаў Кальварыяй, на якой назарэтанкі па прыкладзе Езуса Хрыста ахвяравалі сваё жыццё за бліжніх.