- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дзень беларускага кнігадрукавання ці беларускага першадруку, Дзень беларускай Бібліі… Па-рознаму называюць шосты дзень жніўня 1517 года, калі ў чэшскай Празе запрацаваў друкарскі станок Францішка Скарыны. Назвы не мяняюць сутнасць найвялікшай падзеі ў культурным лёсе нашага народа. Вядома, ёсць штогадовае Свята беларускага пісьменства і друку, але і гэты, шосты жнівеньскі дзень, павінен мець свае святочныя акцэнты. Прынамсі, так лічаць сябры ТБМ з Нясвіжчыны. Трэці год запар па іх ініцыятыве ля помніка прадаўжальніку скарынаўскай справы Сымону Буднаму збіраецца зацікаўленая грамада. Сёлета кожны прыйшоў сюды са сваёй, самай неабходнай, самай цікавай, самай любімай кнігай. Шчыры хрысціянін, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Бруй нікога не здзівіў сваім выбарам: кожны, хто яго ведае, разумеў, што спадар Уладзімір прынясе Біблію - кнігу кнігаў, якую "праз жыццё дзень у дзень належыць чытаць, перачытваць, спасцігаць, каб набірацца духоўнай моцы". Развагі пра Біблію, варыянты яе перакладаў прадоўжыў арганіст касцёла Божага цела, арганізатар мясцовых курсаў "Мова нанова" Дзяніс Каўшар.