- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Трагічная вестка прыйшла раніцай 17 ліпеня: на 72-ім годзе жыцця памёр Юры Нагорны… Вядомы ў краіне грамадскі дзеяч, педагог, руплівец роднай мовы, шматгадовы і нязменны кіраўнік Аршанскай раённай арганізацыі ТБМ, сябар Рэспубліканскай і Віцебскай абласной рады арганізацыі. Проста немагчыма паверыць у рэальнасць таго, што здарылася… Чалавек вялікай душы, выдатны арганізатар, вытанчаны інтэлігент, з якім заўсёды прыемна было пагаварыць, абмяняцца думкамі, абмеркаваць надзённыя пытанні… Колькі ўсяго зроблена ім і пад яго непасрэдным кіраўніцтвам у Оршы і раёне! Культурніцкія імпрэзы, прымеркаваныя да памятных датаў нашай гісторыі, тэбээмаўскія вечарыны з удзелам вядомых пісьменнікаў і музыкаў… Ён марыў убачыць Беларусь беларускаю, дзе будзе гучаць наша родная мова, дзе будзе павага да нашай нацыянальнай гісторыі і культуры, да нашых нацыянальных герояў. Ён ніколі не заставаўся абыяавы да праблем і актуальных пытанняў з жыцця нашай арганізацыі. І не было за шмат гадоў ніводнага выпадку, калі б шаноўны Юры Аляксандравіч не прысутнічаў на пасяджэнні Віцебскай абласной рады ТБМ, не ўносіў слушныя і карысныя прапановы… ТБМ заўсёды было вельмі важнай часткай жыцця гэтага выдатнага чалавека. Віцебская абласная рада ТБМ выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Юрыя Аляксандравіча Нагорнага. У гэты цяжкі час мы разам з Вамі! Вечная памяць выдатнаму Дзеячу і вялікаму Чалавеку!