- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
З 14 па 18 ліпеня праходзіў юбілейны ХХХ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Свята асвятлялі больш за чатыры сотні акрэдытаваных прадстаўнікоў 43-х беларускіх і 33-х замежных СМІ з васьмі краін. Да юбілею фестывалю было падрыхтавана шмат цікавостак. Былі выдадзены даведнік "Славянскі базар у Віцебску. Трэцяе дзесяцігоддзе", каталог фірмовага стылю і сцэнаграфіі фестывалю. У цэнтры горада з'явіліся новыя фотазоны - вялізны металічны кантрабас і рознакаляровая пава. Змянілася цырымонія ўзняцця фестывальнага сцяга. Калі раней яна непасрэдна папярэднічала закладанню імянной зоркі, дык цяпер была перанесена на таямнічую апоўнач, сімвалізуючы нараджэнне новага дня, у які быў урачыста адкрыты юбілейны фэст з удзелам Прэзідэнта краіны А.Р. Лукашэнкі. А тыя, хто прыязджае на яго 14 і больш гадоў, атрымалі так званы "валошкавы пашпарт" - гэткае сувенірнае пасведчанне, якое, зразумела, не замяняе сапраўдны дакумент. Свае ўзнагароды падрыхтавала і Саюзная дзяржава. Спецыяльнымі дыпломамі Пастаяннага Камітэта СД "За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі" былі адзначаны галоўны гукарэжысёр Цэнтра культуры "Віцебск" Руслан Стаброўскі, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віталь Кульбакоў, народны артыст СССР, альтыст і дырыжор Юрый Башмет, генеральны дырэктар Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі Ірына Веліканава.