- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сёлета Будслаўскі фэст, на які сабраліся некалькі тысяч вернікаў, праходзіў пад дэвізам "Марыя каралева сям'і." 5 ліпеня адбылася прэзентацыя сямейных рухаў Беларусі. 6 ліпеня Мітрапаліт Менска-Магілёўскі прысвяціў сваё выступленне тэме абароны сям'і і сямейных каштоўнасцяў. У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў увагу ўдзельнікаў урачыстасці на заданні Касцёла ў Беларусі па абароне сям'і перад абліччам крызісу. Палова сем'яў у Беларусі разведзена, і гэта негатыўна ўплывае на грамадскі клімат нашай краіны і выхаванне маладога пакалення, якое застаецца без належнай бацькоўскай апекі. Спасылаючыся на агульнадаступныя статыстычныя дадзеныя, арцыбіскуп Т. Кандрусевіч з горыччу канстатаваў, што Беларусь перажывае дэмаграфічную зіму. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на пагрозлівую тэндэнцыю росту колькасці абортаў і шкоднасць "прапаганды амаральнай ідэі штучнага апладнення", у выніку якога, нават не беручы пад увагу вельмі сумніўны маральны аспект гэтай працэдуры, не народзіцца і дзясятай часткі ад той колькасці дзяцей, якіх штогод забіваюць ва ўлонні маці. Задаючыся пытаннем пра прычыны амаральных тэндэнцый, якія разбуральна дзейнічаюць на сямейныя каштоўнасці, арцыбіскуп сярод іх назваў тое, што беларускае грамадства яшчэ не вызвалілася ад згубных уплываў савецкай атэістычнай ідэалогіі.