be
pdf

Наша слова 23 (1538) 2021

У наступным годзе ў Стоўбцах з'явіцца помнік Народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу (1882-1956). Многія гады Таварыства беларускай мовы і грамадскасць Беларусі дабіваліся гэтага помніка, і вось нарэшце ён мае быць. Адкрыццё помніка будзе прымеркавана да 140-годдзя народнага песняра і з нагоды правядзення ў Стоўбцах менскага абласнога свята "Дажынкі-2022". Культурная спадчына Стаўпецскага раёна трывала звязана з Якубам Коласам: тут ён нарадзіўся, жыў, ствараў вялікія творы, тутака ж упершыню сустрэўся з Янкам Купалам і ўдзельнічаў у нелегальным настаўніцкім з'ездзе. Імем народнага паэта на Стаўпеччыне названы школы і вуліцы. Але як ні дзіўна, на радзіме Якуба Коласа ёсць толькі адзін помнік - у Мікалаеўшчыне, на радзіме яго бацькоў. Бронзавы бюст быў усталяваны ў вёсцы яшчэ ў савецкі час, у 1972 годзе, да 90-годдзя песняра. Знайсці яго нескладана: досыць пад'ехаць да будынка Мікалаеўшчынскага сельсавета, побач з якім і размяшчаецца помнік паэту. Яго гісторыя не самая простая. Рашэнне пра пастаноўку помніка прынялі яшчэ ў 1956 годзе, пасля смерці паэта. 16 жніўня таго года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову "Пра ўвекавечанне памяці Народнага паэта БССР Якуба Коласа (Міцкевіча Канстанціна Міхайлавіча)". Менавіта тады было вырашана ўсталяваць манументальны помнік паэту ў Менску і бюст на яго радзіме ў Стаўпецкім раёне.

Каталёг: Kamunikat.org
Пэрыёдыка: Наша Слова
  • Месца выхаду: Ліда
  • Дата выхаду: 2021-06-09
  • Copyright: © 2021 by Таварства Беларускай Мовы імя Ф. Скарыны
  • Кнігазбор: Kamunikat.org
Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org