- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Па ўсёй Беларусі католікі правялі шматлюдныя святочныя шэсці, прымеркаваныя да свята Божага Цела і Крыві. У Менску 2 чэрвеня велічная эўхарыстычная працэсія з Святымі Дарамі цягам чатырох гадзін ішла па галоўных плошчах і вуліцах горада ад касцёла святога Роха на Залатой Горцы да Архікатэдральнага касцёла і стала выразнай праявай веры. На плошчах Перамогі, Кастрычніцкай, Незалежнасці і Свабоды святары прамаўлялі гаміліі на беларускай і польскай мовах на тэмы хрысціянскай веры і сямейнага жыцця. Ля Архікатэдральнага касцёла на пяці еўрапейскіх мовах да вернікаў звярнуўся Мітрапаліт Менскі і Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Ксёндз Аляксандр Улас у сваёй гаміліі нагадаў пра важнасць сямейнага ладу, памнажэння любові і ўзаемаразумення ў сям'і. Лета - цудоўная магчымасць сем'ям удзельнічаць у пілігрымках, адпачываць разам і наведваць санктуарыі Беларусі. У арганізацыі і правядзенні працэсіі ўдзельнічалі скаўты, яе суправаджалі хоры з Залатой горкі і Чырвонага касцёла. У святочным шэсці бралі ўдзел людзі розных узростаў, было шмат моладзі і дзяцей, што сведчыць аб развіцці традыцый касцёла на Беларусі, які з'яўляецца сёння ў краіне адным з галоўных духоўных і маральных аўтарытэтаў.