- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Салаўіныя трэлі, посвісты драздоў, ціньканне сінічак раздаваліся ў лесе над Нёманам з чацвёртай гадзіны раніцы. Птаства сваім звонкім шчабятаннем вітала ўзыход сонейка. У лесе сярод густой і свежай зялёнай травы жаўцелі кураслепы, зацвіталі суніцы. Уся навакольная прыгажосць прыцягвала турыстаў, якія вырваліся з каменных абдымкаў горада. На аграсядзібе Вайцюшкі 25 траўня адбыўся рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні "Салаўё". Напярэдадні яго па запрашэнні музыкі Змітра Вайцюшкевіча на пленэры працавалі мастакі з Гародні і Менска: Валянціна Шоба, Уладзіслаў Стальмахаў, Галіна Раманава, Таццяна Гардашнікава, Ілона Касабука. Яны аздобілі сядзібу карцінамі і стылізаванымі драўлянымі скульптурамі. Напісаныя ў блакітных колерах, з'явіліся "Анёлы Вайцюшкоў". Вясёлых коцікаў стварыла Таццяна Гардашнікава, каляровымі драўлянымі круглячкамі ўпрыгожыла сцяну дома Галіна Раманава. Наталіць прагу да культурнага адпачынку прыехалі госці з Ліды, Бярозаўкі, Менска, Берасця.