- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прымеркаваныя да 500-годдзя заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі у гэтым годзе адбыліся ў незвычайнай форме - у анлайн-фармаце з відэатрансляцыяй у рэжыме рэальнага часу, але сталі плённымі і паспяховымі. На працягу многіх дзесяцігоддзяў Нацыянальная бібліятэка Беларусі выконвае адказную справу збірання, вывучэння і папулярызацыі беларускай і сусветнай кніжнай спадчыны і такім чынам забяспечвае духоўную і інтэлектуальную пераемнасць пакаленняў, перадачу фундаментальных каштоўнасцей і ідэалаў, стварае ўмовы для ўзбагачэння ўнутранага свету і раскрыцця творчага патэнцыялу шырокага кола сваіх карыстальнікаў. Выкананню гэтай высакароднай місіі служыць і правядзенне Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія ладзяцца ў бібліятэцы ўжо трэцяе дзесяцігоддзе. - Мы не змаглі адмяніць традыцыю штогадовага правядзення гэтай слаўнай навуковай канферэнцыі, - адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А.А. Суша, - як і не захацелі забыцца пра святыню беларускай зямлі - Жыровіцкі манастыр і цудатворны абраз, які святкуе сёлета свой юбілей. Наша міжнародная канферэнцыя стала такім своеасаблівым паклонам духоўнаму цэнтру Беларусі. Для нас вельмі важным з'яўляецца не перарываць традыцыю наладжвання навуковага дыялогу і супрацоўніцтва паміж даследчыкамі розных краін, даць магчымасць падзяліцца вынікамі актуальных навуковых дасягненняў і праектаў.