- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На аднаўленне пацярпелага ад пажару касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (Мядзельскі раён Менскай вобласці) сабрана 330.033 рублі, сведчаць звесткі на парафіяльным сайце. Акрамя гэтага, у межах кампаніі па зборы сродкаў на аднаўленне нацыянальнага санктуарыя, запушчанай беларускай супольнасцю ў Польшчы на інтэрнэт-платформе zrzutka.pl, сабрана 4.611 злотых (1.236 даляраў). Ініцыятары паставілі мэту сабраць 30 тыс. злотых (прыблізна 8 тыс. долараў). Кампанія завяршаецца праз тыдзень. Тэлеграм-канал "Адновім Будслаў разам!", створаны для каардынацыі валанцёраў, якія жадаюць дапамагчы ў ліквідацыі наступстваў здарэння, паведамляе, што 12 траўня быў атрыманы дазвол на разбор рэшткаў даху. Да наступнага дня ўнутры касцёла разабралі абгарэлыя часткі, прыбралі вуглі, для прасушкі паднялі на падстаўкі алтары і драўляныя лаўкі, прынялі меры для прасушкі аргана. 14 траўня ў касцёле ўсталявалі кантролеры вільгаці, 15 траўня - ачысцілі дах ад буйнога смецця, ачысцілі тэрыторыю побач з касцёлам ад попелу, вуглёў і тэхнічнага смецця, выставілі дадатковыя агароджы.