- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, вестку аб перамозе над гітлераўскай Германіяй вітала разам з усімі нясвіжцамі і Ванда Фянькоўская, маладая дзяўчына з Капыльшчыны. Нясвіж даў сіраце прытулак у час вайны. Да гэтага жыла яна ў працавітай шматдзетнай сям'і ў весцы Калодзезнае, на захад ад Капыля, у бок Нясвіжа. Пачаліся трывожныя дні вайны. Неяк у вёску прыехалі паліцаі, прайшліся па вуліцы, зайшлі на вячоркі, папярэдзілі, каб назаўтра ўсе заставаліся ў хатах, былі на месцы, маўляў, будуць правяраць дакументы. Было тое 9 лютага 43 года. Уранні, па снеданні, малыя сядзелі на печы, дарослыя займаліся будзённымі клопатамі. Ванда - старэйшая з дзяцей - першая ўбачыла, што ідуць да іх. Папярэдзіла родных і ўскочала на гарышча, бо маці неаднойчы непакоілася, маўляў, малым нічога, а яе, каб не вывезлі ў Германію. Схавалася там, накінуўшы на сябе нешта, але чула стрэлы. Чула, як нехта прыадчыняў гарышча. Пасля ўчула і добра знаёмы стук брамкі - пайшлі. Вычакаўшы колькі часу, адважылася ціхенька спусціцца ў хату. Чужых не было, былі толькі родныя, але ўсе забітыя, усе да аднаго: і бабуля, і дзед, і маці, маленькія брацікі і сястрычка. Як уведала пазней, такі ж лёс напаткаў кожную сям'ю. Ды на тым не скончылася - схавалася ў падпечак, бо пачалося рабаўніцтва. Забіралі жывёлу і што лепшае з хаты. Пасля вёску падпалілі.