- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Штогод на Вербніцу касцёлы не змяшчаюць усіх ахвотных. Частка людзей стаіць на вуліцы, займаючы ўвесь прылеглы ходнік так, што мінакам не прайсці. Каб святар пакрапіў вербы асвечанай вадой, людзі шчыльна прыціскаюцца адзін да аднаго і вызваляюць вузкі праход. Але не сёлета. За некалькі дзён да Вербніцы старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў заставацца дома і глядзець святочныя богаслужэнні праз тэлебачанне або сеціва. Перадусім, ён зрабіў акцэнт на людзях сталага веку, хворых і тых, хто баіцца заразіцца. "Застаньцеся сёння дома ўсе - каб потым усім прыйсці ў касцёл!!! - напісаў прэсавы сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько ў Фэйсбуку. - Памятайце, што не вада асвячае стравы на стол, вярбу, а малітва!". І ўсяроўна людзі пайшлі ў касцёлы. Як ішлі ў вайну, як ішлі пры камуністах, так пайшлі пры пандэміі. У Лідзе касцёлы не былі перапоўненыя, але на дварэ каля Фарнага касцёла ўсё было, як звыкла - натоўп, можа меншы, чым летась, але вялікі, і гандлярак вербачкамі дастаткова, і купляюць. Некаторыя стаяць усю імшу, некаторыя сыходзяць пасля асвячэння вербаў, іншыя ў гэты час падыходзяць. Трэба думаць, што перад Вялікаднем і на Вялікдзень людзей будзе значна больш, калі за тыдзень не адбудзецца нечага надзвычайнага.