- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нядзельная раніца выдалася пахмурнай і нават прахалоднай. Але гэтая акалічнасць ніяк не адбілася на настроі лідзян, якія прыйшлі пад сцены Лідскага замка на раённае свята "Праводзіны зімы". Менавіта тут, а дванаццатай дня, пачалося маляўнічае тэатралізаванае прадстаўленне "Зіма, бывай! Вясне - пачатак!" - народныя гулі, прысвечаныя праводзінам зімы. Дзея ўдалася яркай і запамінальнай. Працаўнікі культуры паказалі сапраўднае фальклорнае свята. Яркія і вясёлыя персанажы не давалі нудзіцца гараджанам: амаль тры гадзіны сцэна ля сцен Лідскага замка належала артыстам Палаца культуры, спецыялістам Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, аддзела рамёстваў і традыцыйны культуры, а таксама ўдзельнікам народнага ансамбля народнай песні і музыкі "Уладары" з г. Ваўкавыска і фольк-шоў "Забабоны" з г. Менска. Яны жартавалі, спявалі песні, разам з гасцямі свята вадзілі карагоды, танчылі. Лідчына - адзін з нямногіх рэгіёнаў, дзе выключана з абіходу слова”масленіца”, не характэрнае для Беларусі. Тут адзначаюцца праводзіны зімы. І лялька, якую традыцыйна спальваюць мае сваё імя. Завуць яе Мара. Мара - гэта дух сну, і не вельмі добры дух.