- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Паляць, падрываюць, дэстабілізуюць. На пагаршэнне эканамічнай сітуацыі лукашэнкаўцы адрэагавалі тонка зрэжысіраванай прапагандысцкай кампаніяй. Раніцай 8 лютага мінскае спецпадраздзяленне па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» правяло ператрусы і арышты на кватэрах былых палітвязняў Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава, а таксама іхняга паплечніка Уладзіміра Асіпенкі. Вобшукі адбыліся яшчэ ў некалькіх ваўкавыскіх сем’ях, звязаных з рухам апазіцыі. Прынамсі, дома ў дэпутата Вярхоўнага Савету ХІІ склікання (1990—1995) Мікалая Аксаміта забралі агітацыйныя матэрыялы з апошняй прэзідэнцкай кампаніі, газеты, два бел/чырвона/белыя сцягі. Маўляў, па справе ліпеньскага выбуху. Хоць Аксаміт ужо некалькі гадоў як працуе за мяжой. Шманалі ўсіх, хто хоць неяк мог быць звязаны з Аўтуховічам. «Алмазаўцы» мінашукальнікам праверылі не толькі хаты, але і агароды, дачы. Адбыўся ператрус і на офісе фірмы «Ніка-таксі 22222», заснавальнікам якой некалі быў Аўтуховіч, а па вызваленні працаваў там звычайным кіроўцам.