- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Шаноўныя чытачы, ад гэтага нумару «Наша Ніва» будзе выходзіць школьным правапісам. «НН» пераходзіць на яго, бо ставіць перад сабой задачу заваёвы новай аўдыторыі. Вяртанне ў кіёскі «Саюздруку» дае такі шанец. Непрызвычаеным людзям чытаць па-беларуску класічным правапісам цяжэй, моцна цяжэй. Тое адназначна паказвалі сацыялагічныя даследаванні, дый кожны з нас тое бачыў або адчуваў на сабе. Гэты псіхалагічны бар’ер абмяжоўваў аўдыторыю. Мы хочам, каб новыя і новыя людзі пачалі набываць газету, ідэнтыфікавалі беларускую мову як сваю, не адчувалі ад яе адчужэння. Было б недаравальна, каб непрыяцелі беларускага тыкалі: вось, мы іх дазволілі, і што — жменька чытачоў у іх. Гэты крок ані кан’юнктурны, ані прадыктаваны эмоцыямі. Рэдакцыя даўно адчувала такую патрэбу для пашырэння кола актыўных носьбітаў беларускай культуры. Лічым патрэбным зрабіць гэты крок цяпер. Спадзяемся, што яго пазітыўны палітычны і культурны эфект можна будзе ацаніць ужо праз некалькі гадоў. Незалежнае грамадства не павінна замыкацца ў сваім коле. Нацыянальная свядомасць глыбока пранікла ў шырокія слаі, а незалежнасць краіны стала нацыянальным кансенсусам, на парадку дня — выхад Беларусі са стану васальнае залежнасці ад Расіі, кансалідацыя паўнапраўнае еўрапейскае нацыі.