- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Урокі грузінскае. Грузія месьціцца ў геаграфічнай Азіі, за хрыбтамі Вялікага Каўказу. Азія мае спакусьлівы й каўткі водар. Зямля тут пахне самавітымі пладамі сонца, а паветра настоенае на сотнях стагодзьдзяў цывілізацыі. Гісторыя незалежнасьці Грузіі сягае ажно ў антычныя часы. Гісторыя тутэйшага хрысьціянства ў два разы даўжэйшая за нашую. Першае яскравае адрозьненьне тутэйшага палітычнага жыцьця ад нашага — нацыянальнае самавызначэньне. Яшчэ ў савецкія часы тутака панаваў культ сваіх цароў, якім ставіліся сацрэалістычныя помнікі. Ніводзін з грузінскіх палітыкаў ніколі не сумняваўся ў самадастатковасьці Грузіі й велічы яе культуры. Уявіць сабе, што Шэварднадзе стаў бы кпіць з грузінскае мовы, як Лукашэнка зь беларускай... проста нерэальна. Хоць і Лукашэнка гаворыць па-расейску з моцным акцэнтам. Апошні грузінскі лідэр не замахваўся ані на канстытуцыю, ані на дзяржаўны статус краіны. Не зважаючы на сваё зорнае савецкае мінулае, Шэварднадзэ быў пасьлядоўным прыхільнікам дыстанцыянаваньня ад Крамля. Мо акурат з тае прычыны, што надта добра ведаў ягоныя норавы. Як хітры дыплямат, ён лявіраваў у бочцы СНД, але ўсё больш заблытваў сытуацыю. Найперш у пытаньнях мяцежных аўтаноміяў, што трымаюцца на расейскіх штыхах, праблеме Чачэніі, зьнітаванай з Грузіяй ня толькі межамі, але й генэтычным паходжаньнем, і адносінах з Захадам, дзе Шэварднадзэ да апошняга меў неабмежаваны крэдыт даверу.