- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пацёмкінская сталіцаю Вялікія перамены ў вобразе беларускае сталіцы навідавоку. Самай яскравай зьяваю апошняга часу стала рэканструкцыя тэрыторыі паміж Верхнім горадам і Замчышчам. Увесь верасень і кастрычнік там шчыравала тэхніка: раўлі бульдозэры, езьдзілі туды-сюды грузавікі. Праз увесь пагорак пралегла даўжэзная лесьвіца, зьявіліся лавачкі, ліхтары. Колісь ад Сьвятадухавага сабору да сёньняшняе Нямігі спускалася пакручастая Казьмадзям’янаўская вуліца — пры саветах вул.Дзям’яна Беднага. Дакладней, вулічка — пятнаццаць камянічак, стракацень фасадаў. Хто быў у Празе ды бачыў Злату улічку пры саборы Сьвятога Віта, можа сабе ўявіць. Паваенныя рэканструкцыі пакінулі ад беднай вуліцы адзін-адзіны будынак. Добра помніцца тая апошняя старасьвецкая камяніца. За пару гадоў да зносу яе капітальна адрамантавалі й аддалі мастакам пад майстэрні. Зьнесьлі. Хоць дзяўблі гэты дом ці ня з тыдзень. Не паддаваліся старыя муры. Пасьля побач з тым месцам азеўрыўся гіганцкі катляван пад мэтро. І вось цяпер ізноў новабудоўля. Але на аднаўленьне Казьмадзям’янаўскай не падобна.