- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Стопард у Менску. Ён выглядаў так, як і мусіць выглядаць клясык сучаснасьці, які не згубіў дэмакратызму, нягледзячы на тое, што бачыў свае пастаноўкі на найлепшых сцэнах сьвету, а на палічцы ў ягоным доме стаіць залаты «Оскар». Сусьветна вядомы драматург Том Стопард зладзіў у сталіцы майстар-клясу. Апрануты ў блакітныя джынсы ды нябеснага колеру кашулю Том Стопард сядзеў за сталом у адным са сталічных клюбаў перад некалькімі тузінамі зацікаўленых вачэй. Акторкі, якія толькі што адыгралі п’есу «Псыхоз 4.48», таксама паселі на зэдлікі ды прыціхлі, пацягваючы глінтвэйн. Трымаючы цыгарэту левай рукой, брытанскі драматург выпускаў дым у столь, устрэсваючы ўскалмачанымі валасамі зь сівізной. Пачынаючы размову, Стопард павольна пацірае рукі, як чалавек, які жадае ўзяцца за справу, што захапляе. Зрэшты, так і было — драматург, які прыехаў у Беларусь на запрашэньне праекту «Свабодны тэатар», меўся правесьці ў сталіцы майстар-клясу для сваіх беларускіх калегаў. Яму самому, дарэчы, ня дужа спадабалася азначэньне «майстар-кляса» — ён палічыў за лепшае назваць сустрэчу дыскусіяй. Стопард, які ня верыць у культурную герархію, жадаў гутарыць не пра тое, што ёсьць добрым тэатрам, а пра ролю тэатру для грамадзтва.