- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Рэпартаж зь Вялікага Княства. Акуратныя мястэчкі з памаранчавымі хатамі і дыхтоўнымі крыжамі па канцох. Гладкая, нібы люстэрка, шаша. Мокрыя буслы на слупах. Гэта Івейшчына, радзіма Зянона Пазьняка. Мы выправіліся сюды, маючы з сабою ягоную новую паэму «Вялікае Княства», што толькі-толькі выйшла ў Нью-Ёрку. Мы едзем на Івейшчыну, у мястэчка Суботнікі, шукаць сьлядоў Зянонавага Вялікага Княства. Грунтуючыся на паэме, Галівуд мог бы зьняць фільм кшталту «Горца». Замест несьмяротнага шатляндца Дункана Маклаўда ў ім фігураваў бы беларускі шляхціц Зянон. Спалены маскоўскімі захопнікамі трыста гадоў таму, ён зноўку нараджаецца ў родных Суботніках у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя. Праз прыватную гісторыю ягонай сям’і мы адкрываем гісторыю цэлай краіны. У беларускай літаратуры ўжо ёсьць адзін клясычны выпадак вяртаньня з таго сьвету: шляхціц Гервасій Выліваха з Караткевічавай «Ладзьдзі Роспачы». Аднак, нягледзячы на станавае падабенства, імі рухалі розныя матывы. І якраз яны родняць Зянона не з жыцьцялюбам і бабздыром Гервасіем, а зь непрыкметным Гальляшом-медаварам. Помніце? Ён хацеў вярнуцца з апраметнай на адзін дзень. Ягоны родны горад штурмавалі стральцы. Забіты самай раніцай, ён хацеў бы біцца зь імі хоць да вечара — пакуль горад ня будзе захоплены. Усьведамляючы, што загіне ізноў праз пару гадзінаў.