- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Калі я быў малы, тата ці дзядуля заўсёды бралі мяне з сабою на выбары і даручалі самае адказнае — апусьціць бюлетэнь у скрынку. Я і цяпер малы, бо ня маю пакуль права голасу. Для ЦВК я — ніхто. Але праз год я стану каштоўным чалавекам для сваёй дзяржавы, і мяне пачнуць з усіх бакоў апрацоўваць, інфармаваць, інструктаваць. На выбары я, хутчэй за ўсё, пайду. Бо гэта — пячатка на маёй даросласьці, атрыбут грамадзянства, вялікі гонар для любога чалавека. Мне патрэбны кандыдат. Ня дужа стары, бо «ў Сьцяпаныча з трэцяга пад’езду маразм крапчае з кожным днём». Але ж і не занадта малады, бо мой сябар Віталік толькі і можа, што піва жлукціць ды казаць «тру». Гэта пэўна не стаханавец з Камвольнага камбінату і дакладна не дырэктарка раддому. Бо адзін «любімчык калектыву», а другая — «тыранічная сьцерва». Гэта пэўна не дачка якіх-небудзь пятро-міронычаў і ня сын дырэктара абутковай фабрыкі. Кандыдат мой павінен у сваёй выбарчай праграме дзяліцца плянамі працы, выкананьне якіх падаецца мне цалкам рэальным. Ён ні ў якім разе ня будзе раздаваць абяцанкі кшталту «свабоду папугаям», «бясплатныя дыскатэкі студэнтам», «пэнсіянэрам — годную пэнсію».