- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Загартаваныя. Чатырнаццаты выпуск Беларускага ліцэю ўпэўнены: «Тут, у Беларусі, мы будзем першыя».Рэпартаж Алеся Кудрыцкага зь ліцэйскага выпускнога. Заля патанае ў прыцемку. Вольных месцаў няма. На сцэне, на падлозе — трыццаць керамічных званочкаў. Бацькі ў залі перамаўляюцца — хтосьці па-беларуску, хтосьці па-расейску, але адно слова гучыць аднолькава: «дзеці». «Проста ня верыцца, што гэта ўсё скончылася», — кажа нехта зь іх. «Можа, дзесьці ў Беларусі ўсё-такі паступяць. Дома неяк спакайней вучыцца…» Пад птушыныя сьпевы на сцэну выходзіць дзяўчына ў белай сукенцы. Яна трымае ў руках папяровага жураўліка. «Сьлёзы ў вачах ня суму, а разьвітаньня, бо ты заўсёды застанеcься ў нашых сэрцах», — гучыць голас з дынамікаў. Ліцэісткі ў вечаровых сукенках і ліцэісты ў гарнітурах з усьмешкамі выходзяць на сцэну і становяцца паўколам, узяўшы ў рукі званочкі. Іх мяккая мэлёдыя патанае ў аплядысмэнтах. Уся заля ўстае пад словы студэнцкага гімну, у якім лаціна перамяжоўваецца зь беларускімі строфамі. Першае слова вядучыя даюць «галоўнаму ювэліру, які апрацоўвае дыямэнты на фабрыцы ліцэйскіх зорак», — Уладзімеру Коласу. «Кожны раз, калі адыходзіць чарговы выпуск, нібыта кавалак адрываецца ад сэрца, — кажа ён. — Гады, якія вы пражылі ў Ліцэі, — гэта былі гады выпрабаваньняў. Але разам з тым яны падарылі вам унікальны досьвед, якога ня мае ніхто зь беларускіх школьнікаў».