- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Міжнародны валютны фонд — вось ад каго па стане на 2009 год залежыць фінансавая сістэма Беларусі. Краіна спажывае больш, чым зарабляе, і таму ёй, як вада, патрэбныя замежныя запазычванні. Да апошняга году яны надыходзілі з Расіі пад палітычныя ўмовы. Ад гэтага году Беларусь адкрыла кранік з другога боку. Менавіта МВФ парэкамендавала Беларусі выканаць разавую дэвальвацыю рубля на 25% у пачатку году. Бачанні МВФ будуць вызначальнымі і надалей. «Мы будзем выконваць дамоўленасці з МВФ, але фанатычна і літральна выконваць іх рэкамендацыі не настроеныя», — заявіў лукашэнкаўскаму агенцтву «Інтэрфакс» «суразмоўца ў банкаўскай сістэме». Гэтым эўфемізмам пазначаецца хтосьці, хто мае дачыненне да прыняцця рашэнняў у гэтай сферы. Суразмоўца нагадаў, што ў працэсе перамоваў з МВФ у красавіку з ініцыятывы Фонду абмяркоўвалася магчымая дэвальвацыя рубля яшчэ на 10%, але беларускі бок не пагадзіўся на гэтую меру, каб не падрываць даверу да нацыянальнай валюты.