- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Коласа гоняць зь ліцэю Коласа. У Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа сумятня. 28 траўня намесьнік міністра адукацыі Казімер Фарына прадставіў выкладчыкам новую дырэктарку — Тамару Шчарбачэвіч. Паводле загаду міністэрства, яна распачынае працу з 29 траўня. Стваральнік і нязьменны кіраўнік ліцэю Ўладзімер Колас можа пакінуць ліцэй. Фактычна У.Колас выконваў дырэктарскія абавязкі, але фармальна лічыўся намесьнікам дырэктара — такія былі ўмовы джэнтэльмэнскага пагадненьня між ліцэем і былым міністрам Стражавым, складзенага пад ціскам сумнапамятнага Замяталіна. Паводле словаў К.Фарыны, агулам міністэрства разглядала 10 кандыдатураў на пасаду дырэктара. Была сярод іх і кандыдатура У.Коласа, але яна «не задаволіла кіраўніцтва». Т.Шчарбачэвіч нарадзілася ў Койданаве, мае дзьве вышэйшыя адукацыі: культасьветработніцы (БУК) і гісторыка (БДПУ імя Танка). Працавала настаўніцай, потым намесьніцай дырэктара СШ №68, кіравала СШ №172. Паўтара году таму стала начальніцай аддзелу прагназаваньня разьвіцьця адукацыі пры абласным мэтадычным кабінэце.