- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
А ўсё ж закруцілася *** Інтэлектуалы попу — Аляксандра й Канстанцін — сталі першымі ў гісторыі прадстаўнікамі Беларусі на «Эўрабачаньні». Выйгралі ці прайгралі, якая розьніца — першы блін можна й сабаку. Галоўнае, мы там ёсьць. Мы сталі цікавыя самі сабе. Беларуская маскультура нараджаецца. Гадамі інтэлектуалы закліналі: маскультура, паўстань. Вось яна нараджаецца, і нават за яе ня сорамна. «АіК» добра ловяць аўтэнтычную народную манеру сьпеваў, хоць калядную песьню могуць засьпяваць як вясновую. «Мой Галілей» — у ёй ёсьць драйв. Нармальны белапоп. Каб жа шчэ па-беларуску… А то You’re my pier I’m here. Шкада: уся Эўропа магла б пачуць, што гэта за такая беларуская мова, мэлёдыка-фанэтыка. «АіК» — частка барысаўскага фэномэну. Нейкі энэргетычны выбух адбываецца ў вайскова-турэмным горадзе, зь якога выйшла за апошнія гады плеяда палітыкаў, бізнэсоўцаў, пісьменьнікаў, музыкаў. Фантастыка: Беларусь перажывае бум папулярнасьці беларускае музыкі. А што тут незвычайнага, спытаўся б паляк ці эстонец. Але ў нашых палестынах дзіва дзіўнае. Беларускія гурты зьбіраюць тысячныя залі! Кліп за кліпам, прэм’ера за прэм’ерай! Госьці! Монтэвідэа! Мірны з Алесяй!!! Адкуль што ўзялося? З 50% айчыннае музыкі на радыё. Дзякуй клятаму Падгайнаму. І ніхто не наракае, і нікому ня стала горш. Гэта — скептыкам беларускага адраджэньня.