- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Незалежнасьць ад розуму. Выкідваньне прэч амэрыканскіх дымляматаў — гэта жэст, які да болю нагадвае нахабства Садама Хусэйна шэсьць — сем гадоў таму. Камэнтуе Пётра Рудкоўскі. Міралюбная Беларусь ізноў ваюе. Што праўда, не чуваць стрэлаў, бомбы ня валяцца на галаву і кроў, дзякуй Богу, ня льецца. Бо вайна гэтая не рэальная, а толькі віртуальная. Беларускі рэжым, як відаць, глыбока ўпадабаў менавіта такі спосаб самасьцьвярджэньня — віртуальныя войны. От, такі субстытут Вялікай Айчыннай вайны, якая рэальна скончылася ў 1944—1945, а віртуальна доўжыцца аж да сёньняшняга дня і прапягвацца будзе заўтра й пасьлязаўтра. Ролю «праціўніка» тут іграюць самыя розныя суб'екты, пачынаючы ад «спрадвечна варожай» Амэрыкі і заканчваючы «спрадвечна братэрскай» Расеяй. Учора мы лезьлі ў зямлянкі, змагаючыся з «газавай агрэсіяй» Расеі, пазаўчора біліся з палякамі, ну а сёньня счапіліся не на жарты з наймагутнейшай дзяржавай сьвету, са Злучанымі Штатамі.