- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
БАТЭ выйграе безь легіянэраў *** Хацелася ў колькіх словах працягнуць тэму легіянэрства ў нашым унутраным чэмпіянаце па футболе, узьнятую Алегам Ждановічам у «НН» ад 9 красавіка. Напярэдадні сёлетняга сэзону па футболе не паленаваўся ды палічыў колькасьць «варагаў» на нашых палях. Выйшаў 71 чалавек. Гэткай колькасьці гульцоў хапіла б на 3-4 каманды. Сярод нашых легіянэраў, паводле маіх падлікаў, аказаліся 33 расейцы, 22 украінцы, пяцёра грузінаў, трое малдаванаў, двое баўгараў, адзін чэх, альбанец, бразылец, узбэк, латыш і армянін. Між іншым, яшчэ маем чатырох расейцаў — галоўных трэнэраў каманд: Сяргея Падпалага, Пятра Шубіна, Армена Адамяна, Віктара Вярчова, якія працуюць адпаведна на «Гомель», менскае «Дынама», «Дарыду» і «МТЗ-РІПА». Берасьцейскае «Дынама» трэніруе латыш Віктар Несьцярэнка. Можна пагадзіцца, што сытуацыя зь легіянэрамі ў нас яшчэ не такая катастрафічная, як у Туманным Альбіёне (часам у асноўным складзе «Глазга» не выходзіць ніводзін шатляндзец), аднак пэўныя небясьпечныя тэндэнцыі назіраюцца і на айчынных футбольных палёх. Надзвычай актыўна «ўсходнюю палітыку» набыцьця гульцоў з Расеі і Ўкраіны сёлетняй зімой вялі «Гомель», «Дняпро-Трансмаш», «Нёман», «Дарыда», «МТЗ-РІПА».