- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ці трэба Беларусі ўступаць у Эўразьвяз *** У траўні гэтага году нашы суседзі зробяцца паўнапраўнымі сябрамі Эўразьвязу. З нагоды гэтае гістарычнае падзеі шмат хто з палітыкаў ды журналістаў зьвяртае ўвагу на станоўчыя бакі «пашырэньня Эўропы» як для самога Зьвязу, так і для кандыдатаў. Аднак жа ў кожнага мэдаля ёсьць два бакі. Несумненна, уступленьне ў Зьвяз нясе з сабой і рызыкі, якія асабліва важна ўлічваць, распрацоўваючы замежнапалітычную канцэпцыю будучае вольнае Беларусі. Дзеля нагляднасьці падзелім гэтыя рызыкі на эканамічныя, замежнапалітычныя і этнічныя. Адным з самых важкіх аргумэнтаў на карысьць далучэньня да Зьвязу заўсёды было жаданьне новых усходнеэўрапейскіх дэмакратый дасягнуць заходняга ўзроўню жыцьця і эканамічнай разьвітасьці ў разьліку на заходнюю дапамогу. На жаль, сёньняшняя эканамічная сытуацыя ў Заходняй Эўропе не абяцае цяперашнім і тым болей будучым кандыдатам у Зьвяз «манны нябеснай». Стрыжнёвыя краіны Зьвязу — Нямеччына, Францыя і Італія — перажываюць сур’ёзны эканамічны крызыс. Усім вядома няздольнасьць гэтых краін да рэфармаваньня сацыяльных сыстэм дзеля вырашэньня праблем беспрацоўя ды старэньня насельніцтва. Часам здаецца, што заходнеэўрапейскія грамадзтвы заснулі недзе ў 60-х гадах падчас эканамічнага буму і клясавых бітваў ды прачнуліся ў пачатку ХХІ ст. са старым наборам лявацкіх ідэалістычных догмаў, непрыдатных для сёньняшняга глябалізаванага сьвету.