- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларусы хочуць, каб было як у немцаў. Сацыялягічная служба агенцтва БелаПАН «Люстра» зладзіла на замову «НН» апытаньне жыхароў сталіцы пра іх стаўленьне да краінаў рэгіёну. Пытаньне гучала наступным чынам: «Якой з постсавецкiх i постсацыялiстычных краiнаў Вы сымпатызуеце?» Рэспандэнтам прапаноўвалася таксама адказаць, чаму ім падабаецца тая ці іншая краіна. Можна было называць некалькі дзяржаваў. Вось як разьмеркаваліся адказы. Расея дарагая як памяць. Вось жа, 25% з 500 апытаных сымпатызуюць Расеі. Гэта малая лічба, як для краіны-саюзьніцы. Фактычна, працэнт сымпатый да ўсходняе суседкі апусьціўся да долі этнічных расейцаў у насельніцтве Менску. Параўнальна нізкія сымпатыі да Расеі тым больш нетрывалыя, што расейская эканоміка знаходзіцца на ўздыме, прэзыдэнт Пуцін б’е рэкорды асабістае папулярнасьці, а вайна ў Іраку мабілізуе ахоўныя рэакцыі прарасейскае часткі насельніцтва. Прычыны сымпатыяў да Расеі эмацыйныя («бо падабаецца Пуцін», «бо доўга жылі разам») або ідэйнага характару («зь ёю нас зьвязвае гісторыя», «таму што браты — у трудзе і бядзе разам» — такія ж браты, як, між іншым, з палякамі і літоўцамі). Усё гэта робіць і без таго кволую для Расеі лічбу 25% зьнікомай.