- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Усе дзяржслужачыя ў нашай краіне даўно ведаюць няпісанае правіла: калі хочаш зрабіць кар’еру, мусіш спадабацца самаму галоўнаму начальніку. Любым спосабам. На нейкай нарадзе з яго ўдзелам хвалебны спіч выдай. На дажынках падзякуй за бацькоўскі клопат. На тэлекамеру дрыжачым голасам скажы пра гаранта стабільнасці і зберагальніка незалежнасці. Удасца, падфарціць – і хуценька палезеш ты па службовай лесвіцы туды, куды лезуць многія, з мылам і без мыла, забыўшыся на прыстойнасць і чалавечую годнасць. Як мне здаецца, падобны шлях абрала сабе і акцёрка Купалаўскага тэатра Вольга Няфёдава, якой нядаўна Аляксандр Лукашэнка прысвоіў званне заслужанай артысткі. Чым жа яна яго заслужыла? Акцёрскім майстэрствам? Галоўнай роляй у спектаклі, які стаў адкрыццём на міжнародным фестывалі? А можа, яна была адзначана хоць бы айчыннай «Крыштальнай Паўлінкай» – тэатральнай прэміяй, якая сведчыць: ты – лепшая ў прафесіі? Ды не. Нічога з пералічанага з Вольгай Няфёдавай не адбылося. А адбылася слёзная сцэна ў знішчаным тэатры, калі туды завітаў Аляксандр Лукашэнка з дзіўным падарункам – гарэлачным наборам, які і быў уручаны старажылу тэатра Генадзю Аўсяннікаву. Можа, хацеў з ім выпіць на памінках тэатра, які разам з усім народам узбунтаваўся пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў? Цяжка сказаць. Але тое, што ў той сумнаваты момант ён выглядаў падазрона вясёлым, прызнаўшыся, што не шкадуе пра загублены тэатр, – гэта бачылі і чулі ўсе.