- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Славуты Барысаў камень, што ляжыць каля полацкай Сафіі на стромым беразе Дзвіны, важыць каля 50 тон. Са дна ракі яго спрабавалі дастаць яшчэ дзвесце гадоў таму, за вяроўкі цягнулі трыста чалавек, але з месца не зрушылі. З задачай справіліся – ужо ў 1981 годзе – вайсковыя цягачы і пад’ёмныя краны, праўда, стары полацкі мост пад каменнай аграмадзінай падазрона захістаўся, давялося везці камень ажно праз Наваполацк. Камень той – гэткі ж унікальны помнік айчыннай гісторыі, як і Сафійскі сабор, як і ўсталяваны непадалёк помнік «Калыска беларускай дзяржаўнасці». Ён унесены ва ўсе адпаведныя рэестры і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, якую ў Полацку сёння прадстаўляе старшыня райвыканкама Ігар Марковіч. Яго папярэднікі, хоць і не ўсе, пэўным чынам засталіся ў гісторыі горада. Хтосьці той самы Барысаў камень усталёўваў, хтосьці помнікі Скарыну і літары «Ў» ставіў, а хтосьці галоўнай полацкай вуліцы імя Еўфрасінні Полацкай вярнуў. Ігару Марковічу, відаць, таксама захацелася дакрануцца да вечнасці. А вечнасць для яго што? Тысячагадовы надпіс на камені-помніку: «Госпадзі, дапамажы рабу свайму Барысу».