«Надсанаўскія чытаньні 2026» у Вільні: памяць, навука і жывое слова
2026-04-15 23:02
Да 11-й гадавіны сьмерці айца Аляксандра Надсана ў Вільні адбываюцца
першыя «Надсанаўскія чытаньні» — міжнародная канфэрэнцыя, якая
аб’ядноўвае навукоўцаў, калегаў і блізкіх, каб асэнсаваць ягоную
спадчыну і ўзгадаць чалавека, які ўмеў «хутка з усіх рабіць
беларусістаў».
15 красавіка спаўняецца 11 гадоў з дня сьмерці а.
Аляксандра Надсана.
З гэтай нагоды зь ініцыятывы лёнданскай
Скарынаўскай бібліятэкі імя
Францішка Скарыны ў Вільні адбываюцца
«Надсанаўскія чытаньні».
Гэта
першая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная навукоўцу, беларусісту,
сьвятару, перакладніку
Аляксандру Надсана. Спадчына айца Аляксандра
аналізуецца як шматдысцыплінарна (мовазнаўства, гісторыя,
літаратуразнаўства, літургіка, дыяспарныя штудыі, мастацтвазнаўства),
так і трансгенэрацыйна (вучнямі, пасьлядоўнікамі, дасьледнікамі, якія
ведалі асабіста айца Аляксандра, а таксама тымі, на каго айцец паўплываў
хаця б ідэйна).
Нароўні з навуковым асэнсаваньнем спадчыны ня менш важнай зьяўляецца
агульначалавечая ацэнка
а. Надсана, а таму асабліва моцнай і кранальнай
часткай чытаньняў становіцца сэкцыя ўспамінаў, да якой далучаюцца
блізкія і добра знаёмыя айцу асобы
: Івонка Сурвіла, Джым Дынглі, Люцына
Александровіч, Сяргей Дубавец, Сяргей Стасевіч, Васіль Еўдакімаў.
Апрача
ўсяго, чытаньні дапаўняе цікавая невялікая выстава публікацыяў а.
Аляксандра Надсана, выдавецкая дзейнасьць якога натхніла, напрыклад, на
стварэньне сучаснага эмігранцкага выдавецтва «Скарына». Тут можна
пагартаць ягоныя кнігі, артыкулы, бюлетэні, календары, у тым ліку тыя,
якія ён самастойна набіраў, шыхтаваў, афармляў і друкаваў у Лёндане. А
таксама — самыя знакавыя інтэрвію з а. Аляксандрам.
Зрэшты, у царкве Сьвятой Тройцы ў Базылянскіх мурах айцец Сяргей
Стасевіч адслужыць набажэнства па-беларуску, карыстаючыся тэкстамі, якія
некалі пераклаў айцец.
Цікавай заўвагай з успамінаў пра айца
Івонка Сурвіла трапна падсумоўвае сустрэчу і чытаньні наагул: яна
нагадвае пра ўменьне айца «хутка з усіх рабіць беларусістаў» — такога
дару ня меў ніводны іншы беларус эміграцыі. І, як бачна, адзінаццаць
гадоў пасьля сьмерці Аляксандар Надсан працягвае зьбіраць, кансалідаваць
нас і прыцягваць у шэрагі беларусістаў усё новыя і новыя сілы…