«На разьвітаньне мы з сынам абняліся», — маці Рамана Бандарэнкі
2021-02-18 15:10
18 лютага Генпракуратура паведаміла, што па факце гібелі Рамана Бандарэнкі нарэшце завялі крымінальную справу. Напярэдадні, калі пра гэта яшчэ не было вядома, мы пагаварылі з маці загінулага менчука Аленай Бандарэнка, якая расказала пра апошнюю сустрэчу з сынам.Напярэдадні суду над журналісткай Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным Алена Бандарэнка расказала, што робіць для таго, каб трапіць на гэты судовы працэс і чаму лічыць важнай сваю прысутнасьць на ім.
Таксама Алена ўзгадала, як яе сын праходзіў псыхалягічны тэст для працы ў спэцназе, як адбылася яе апошняя сустрэча з сынам за некалькі гадзін да нападу да яго, і чаму ён быў радасны і натхнёны падчас яе.
2 сьнежня Алену Бандарэнку дапыталі ў Генпракуратуры, і падпісаны ёю пратакол ёсьць у матэрыялах расьсьледаваньня сьмерці Рамана. Пасьля таго допыту сьледчы папрасіў яе прыйсьці на допыт ужо ў справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна 8 сьнежня, аднак за дзень да яго Алене перадалі праз адваката, што нікуды ісьці ўжо ня трэба.
Суд над журналісткай Tut.by Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным пачнецца 19 лютага а 10-й раніцы. Працэс будзе праходзіць у Доме правасудзьдзя. Іх абвінавачваюць у «выдаваньні мэдычнай тайны, што прывяло да цяжкіх наступстваў» (ч. 3 арт. 178 КК РБ). Нагодай стаў апублікаваны 13 лістапада артыкул, у якім гаварылася, што ў крыві Рамана не было алькаголю. Родныя Бандарэнкі да журналісткі і доктара ня маюць ніякіх прэтэнзій. Лукашэнка публічна казаў, што Раман Бандарэнка нібыта быў п’яны.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
Раман быў у крытычным стане.
ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую завяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкулу, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
18 лютага 2021 году, на 100-ы дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.